На двары вясна. Ажывае прырода. Наваколле аж звініць ад птушыных спеваў. У такі час хочацца размаўляць пра пачуцці, пра адносіны, пра каханне. Асабліва калі табе 15, 16, 17 гадоў. Пра гэта бібліатэкары і пагаварылі ў літаратурнай гасцёўні з навучэнцамі.
На пытанне, якой вы бачыце сваю спадарожніцу жыцця, хлопцы адказвалі: разумная, прыгожая, жвавая. Мы згодны з імі, таму што на прыгожую прыемна дзівіцца, з разумнай прыемна размаўляць, а калі дзяўчына жвавая, то і жыццё весялей. Але не ўсё так проста. Бывае, што лёс падкідвае нам такія выпрабаванні, што не кожны можа перанесці. Тады і дапаможа чалавек, які побач.
Мы успомнілі гісторыю мастачкі з Івацэвіч Ганны Бахур. Яна нарадзілася з паталогіяй рук і ног. Маці адказалася ад яе ў радзільным доме. Усё дзяцінства дзяўчына правяла ў дзіцячых дамах і інтэрнатах. Адкуль у гэтага чалавека столькі сілы, столькі цеплыні і дабрыні, аптымізму!? Яна змагла не толькі выйсці ў самастойнае жыццё, стаць мастаком (яе карціны купляюць у Даніі, Францыі, Германіі) не згубіць веры ў заўтрашні дзень, але і знайсці сваё каханне. Яе муж Анатоль таксама хворы, ён інвалід-калясачнік, у яго ДЦП. Але гэта не перашкодзіла ім пакахаць адзін аднаго. Больш таго, калі Ганна нарадзіла сына, чыноўнікі вырашылі, што інваліды не змогуць яго выгадаваць і трэба забраць дзіця ў Дом малюткі. Ганна і Анатоль адстаялі свайго сына. Разам прайшлі праз усе цяжкасці і выпрабаванні, разам выхоўваюць Косцю, якому ужо 8 гадоў, падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта сапраўднае каханне.
На сустрэчы мы прачыталі і абмеркавалі апавяданне "Бярозкі за ваколіцай" В.Гапеева. У ім таксама пра не зусім звычайнае каханне. Каханне вучня і настаўніцы. Цяжка, калі цябе не разумеюць, асуджаюць, нават клянуць. Але сапраўднае пачуццё вытрымае людскую ганьбу і пагрозы. Яно пройдзе выпрабаванне перашкодамі, забаронамі, часам. Героі апавядання застануцца разам на зайздрасць усім.
Каханне робіць чалавека лепшым, дае яму крылы для новых здзяйсненняў, дзеля яго варта жыць. На развітанне хлопцы удакладнілі рысы характару сваіх будучых выбранніц. Добра, калі ў сям'і паважаюць адзін аднаго, не даюць у крыўду, дапамагаюць і шануюць сваю другую палавінку, калі разам у багацці і беднасці, у здароўі і хворасці.
Пажадаем нашым чытачам, каб сустрэлі яны сваё каханне. Адзінае на ўсё жыццё.