12 снежня 2023 года пайшоў з жыцця Анатоль Мікалаевіч Галушка - ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна, член Саюза пісьменнікаў, Сусветнай арганізацыі мастакоў.
Анатоль Мікалаевіч Галушка нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёна. Там ён і жыў усё жыццё. У 17-гадовым узросце здарылася трагедыя – Анатоль няўдала скочыў у раку і пашкодзіў спіну. З таго часу быў паралізаваны, прыкуты да ложка. Але цяжкі лёс не зламаў волю, не перашкодзіў праявіцца талентам гэтага чалавека. Анатоль Мікалаевіч пачаў пісаць карціны. Спачатку алоўкамі, акварэллю, а потым і маслам. З-за хваробы ён не мог трымаць пэндзлік у руках, таму маляваў карціны, трымаючы яго ў зубах. У сваіх работах ён адлюстроўваў прыгажосць беларускай прыроды, наваколля. Прыхільнікі яго таленту, і з Беларусі, і з краін замежжа, набывалі яго творы ў свае калекцыі. А яшчэ Анатоль Мікалаевіч пісаў вершы, невялікія замалёўкі, эсэ. Выдаў дзве кнігі “Яблычны спас” і “Сляды на пяску”. Пра яго творчасць на студыі "Беларусьфільм" было знята два дакументальных фільма.
Яго няпростае жыццё было напоўнена творчасцю і аптымізмам.
У памяць аб гэтым таленавітым чалавеку, які пражыў вельмі цяжкае жыццё і не зламаўся, не скарыўся лёсу, у бібліятэцы каледжа аформлена выстава “Лёс, авеяны пэндзлем і пяром”. Вы можаце яшчэ раз дакрануцца да адмысловых, лірычных і глыбока філасофскіх радкоў Анатоля Галушкі, больш падрабязна пазнаёміцца з
лёсам і творчасцю мастака і паэта.